Акцыю “МАМА – ПАЧАТАК ЖЫЦЦЯ” правялі ў Клінічным радзільным доме Мінскай вобласці
У Мінскім абласным радзільным доме 14 кастрычніка, нарадзілася 14 немаўлят – 10 дзяўчынак і 4 хлопчыкі. Шчаслівых матуль павіншавалі актывісткі жаночага руху.
Акцыя Беларускага саюза жанчын «Мама – пачатак жыцця» даўно стала добрай традыцыяй. З падарункамі і віншаваннямі ў абласны раддом 15 кастрычніка прыехала старшыня Мінскай абласной арганізацыі Святлана Сарока.
– Абласны раддом – гэта, напэўна, галоўная ўстанова Міншчыны, бо менавіта тут пачынаецца жыццё. Штогод мы віншуем жанчын, якія нарадзілі дзяцей у Дзень маці. Гэты дзень да таго ж супадае з яшчэ адным цудоўным святам – Пакровам Прасвятой Багародзіцы. З усіх падзей, што адбываюцца ў нашым жыцці, з’яўленне на свет дзіцяці самае важнае. І той факт, што вы сталі мамамі менавіта 14 кастрычніка, выдатнае супадзенне і падарунак для кожнай. Вы ўжо выканалі самую галоўную місію на зямлі – далі жыццё чалавеку. Я спадзяюся, што ў будучым вы вернецеся сюды яшчэ не раз, бо дзеці – наша самая вялікая радасць, – адзначыла Святлана Сарока.
Вольга Ляшэвіч з пасёлка Дружны Пухавіцкага раёна ў навагоднюю ноч марыла пра яшчэ адно дзіцё (менавіта з такой просьбай яна звярталася да Дзеда Мароза), а атрымала адразу дваіх. Кацярына і Вікторыя нарадзіліся раніцай 14 кастрычніка з розніцай у некалькі хвілін.
– Дзед Мароз аказаўся тым яшчэ жартаўніком, – не хавае эмоцый маладая мама. – Двайнят мы ніяк не чакалі, але вельмі радаваліся. Я заўсёды марыла пра вялікую сям’ю. Калі доктар паведаміў пра тое, што чакаю дваіх, доўга плакала ад шчасця. Другое дзіва – што нарадзіла ў такое светлае свята, бо спачатку ўрачы хацелі прызначыць роды на тры дні раней. Муж […]




