У Мінскім абласным радзільным доме 14 кастрычніка, нарадзілася 14 немаўлят – 10 дзяўчынак і 4 хлопчыкі. Шчаслівых матуль павіншавалі актывісткі жаночага руху.
Акцыя Беларускага саюза жанчын «Мама – пачатак жыцця» даўно стала добрай традыцыяй. З падарункамі і віншаваннямі ў абласны раддом 15 кастрычніка прыехала старшыня Мінскай абласной арганізацыі Святлана Сарока.
– Абласны раддом – гэта, напэўна, галоўная ўстанова Міншчыны, бо менавіта тут пачынаецца жыццё. Штогод мы віншуем жанчын, якія нарадзілі дзяцей у Дзень маці. Гэты дзень да таго ж супадае з яшчэ адным цудоўным святам – Пакровам Прасвятой Багародзіцы. З усіх падзей, што адбываюцца ў нашым жыцці, з’яўленне на свет дзіцяці самае важнае. І той факт, што вы сталі мамамі менавіта 14 кастрычніка, выдатнае супадзенне і падарунак для кожнай. Вы ўжо выканалі самую галоўную місію на зямлі – далі жыццё чалавеку. Я спадзяюся, што ў будучым вы вернецеся сюды яшчэ не раз, бо дзеці – наша самая вялікая радасць, – адзначыла Святлана Сарока.
Вольга Ляшэвіч з пасёлка Дружны Пухавіцкага раёна ў навагоднюю ноч марыла пра яшчэ адно дзіцё (менавіта з такой просьбай яна звярталася да Дзеда Мароза), а атрымала адразу дваіх. Кацярына і Вікторыя нарадзіліся раніцай 14 кастрычніка з розніцай у некалькі хвілін.
– Дзед Мароз аказаўся тым яшчэ жартаўніком, – не хавае эмоцый маладая мама. – Двайнят мы ніяк не чакалі, але вельмі радаваліся. Я заўсёды марыла пра вялікую сям’ю. Калі доктар паведаміў пра тое, што чакаю дваіх, доўга плакала ад шчасця. Другое дзіва – што нарадзіла ў такое светлае свята, бо спачатку ўрачы хацелі прызначыць роды на тры дні раней. Муж Іван таксама рады дзяўчынкам. Яны са старэйшай дачкой Лізаветай вельмі чакаюць нас дома. А ў далейшым, магчыма, вярнуся сюды яшчэ раз, але ўжо за сыночкам!
Алена Тулейка ў Дзень маці таксама стала шматдзетнай мамай. Дачку Дар’ю яна нарадзіла апоўдні.
– Па ўсіх прыкметах чакалі хлопчыка… Але Даша вырашыла нас здзівіць, – усміхаецца Алена. – У мяне з мужам ужо ёсць двое дзяцей. Насце ў студзені споўніцца 10, Цімафею праз месяц будзе 5. Кожныя пяць год атрымліваю па такім выдатным падарунку!
За 9 месяцаў у абласным раддоме з’явілася на свет 2698 немаўлят – на 4 больш, чым у 2018-м. Сярод іх 1403 хлопчыкі і 1295 дзяўчынак. У 57 сем’ях – двайняткі. Што да цэнтральнага рэгіёна ў цэлым, са студзеня па кастрычнік нарадзілася 9597 дзяцей – на 739 менш, чым за аналагічны перыяд мінулага. Як і ў 2018-м, тут у лідарах хлопчыкі – іх 4922. А вось дзяўчынак нарадзілася на 247 менш: 4675.
У галоўным упраўленні юстыцыі Мінскага аблвыканкама расказалі пра самыя папулярныя і самыя рэдкія імёны, якія маладыя бацькі сёлета выбіралі для сваіх дзяцей. У цэнтральным рэгіёне распаўсюджаныя мужскія імёны для немаўляці – Данііл, Раман, Іван, Міхаіл, Аляксандр. У пяцёрку найбольш запатрабаваных жаночых увайшлі Сафія, Дар’я, Ганна, Ксенія і Паліна. Некаторыя бацькі называлі сваіх дзяцей даволі незвычайнымі імёнамі. Да прыкладу, сёлета на свет з’явіліся хлопчыкі Тольга, Даміян, Тамерлан, Жад і Гектар. А таксама дзяўчынкі Лета, Вірсавія, Луна і Марыша…




