Алеся Кашко: «Працуй так, каб не было сорамна за вынік»
У кастрычніку намеснік начальніка аддзела адукацыі Алеся Кашко (член БСЖ) адзначае не толькі сваё прафесійнае свята. Сёлетні кастрычнік для яе – юбілейны: пяць гадоў таму яна прыехала на Астравеччыну.
Глыбоччына – пачатак пачатку
У сям’і Алесі Казіміраўны ніколі не было педагогаў, але дзяўчынка марыла быць менавіта настаўніцай. Любоў да гэтай прафесіі сфарміравала яе першая настаўніца.
– Дома ў мяне была свая школа. Цацкі былі вучнямі. У кожнай з іх былі сшыткі, я ў іх пісала – і сама ж потым іх правярала і выстаўляла адзнакі ў класны журнал. Дзяцінства ў мяне было актыўнае: я вучылася ў музычнай школе па класу баян (дарэчы, ў першы год работы выкладала ў школе музыку), хадзіла на танцавальны, у гурткі мяккай цацкі і інкрустацыі саломкай, – расказвае Алеся Казіміраўна.
У старэйшых класах яе мара, дзякуючы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, яшчэ больш умацавалася.
– Вучыцца мне падабалася заўсёды. Помню, у восьмым класе зламала ключыцу, урач выпісаў даведку. Але даведка і я – рэчы несумяшчальныя. Я кожны дзень хадзіла ў школу, хоць пісаць не магла, але каля дошкі адказвала, часам нават замяняла настаўнікаў.
А пасля 9 класа Алеся падала дакументы ў Полацкі педагагічны каледж.
– Настаўніца ў музычнай школе не раз мне гаварыла, што мама мяне, такую маленькую, нікуды не адпусціць. Але і мама адпусціла, і я паступіла, – усміхаецца Алеся Казіміраўна.
І ў школе, і потым у каледжы Алеся была выдатніцай.
Чатыры гады вучобы праляцелі хутка. Самыя запамінальныя моманты таго часу – педагагічная практыка. Спачатку ў пачатковай школе, канспекты ўрокаў тых часоў яна захоўвае і сёння.
– Потым была практыка ў старэйшых класах. У мяне двайная спецыяльнасць: настаўнік пачатковых класаў […]




