Знаёмім з начальнікам цэха па дарошчванніі адкорме буйной рагатай жывёлы КСУП «Гервяты» Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці Марыяй Радзевіч.
Некалькі пытанняў аб галоўным
–
Калі можна было б адматаць жыццё назад, што змянілі б?
– Напэўна, атрымала б вышэйшую адукацыю.
– Давайце ўявім, што гэта можна зрабіць. На каго б вывучыліся?
– Стала б юрыстам. Я люблю дакладнасць, і мне падабаецца працаваць з дакументамі. У пэўнай ступені маю няспраўджаную мару цяпер ажыццяўляе старэйшая дачка, хоць сваё меркаванне я ёй ніколі не навязвала. Лічу, што бацькі ні ў якім разе не павінны рабіць выбар за дзяцей.
– Якія ўрокі ў школе вам даваліся найлягчэй?
– Руская літаратура і мова.
– Якая ваша любімая кніга?
– Напэўна, гэта «Чырвонае і чорнае» Стэндаля. Раней шмат чытала: падчас дэкрэтнага адпачынку актыўна наведвала мясцовую бібліятэку. Цяпер, на жаль, усё часу не хапае.
– Уявіце, што ваша мара ажыццявіцца – але вызначыцца з ёй у вас ёсць толькі імгненне…
– Хацела б адпачыць на моры ўсёй сям’ёй. Ну, калі гэта мара, то выбіраць Чорнае – напэўна, банальна. Балі – самае тое! (Усміхаецца).
– Што робіць вас шчаслівай?
– Поспехі дзяцей і калі ўсё добра ў маіх блізкіх. Дабрабыт і спакой ў сям’і. Думаю, гэта самае галоўнае для любога чалавека.
– Што патрэбна вам для перазагрузкі пасля напружанага працоўнага тыдня?
– Некаторыя не могуць пачаць свой дзень без кубачка кавы, іншаму трэба паляжаць на канапе. А мне патрэбна некалькі хвілін цішыні і спакою: каб у думках настроіцца на пазітыўны лад. Пастаянны рух таксама ратуе.
– Наколькі ведаю, у вельмі кароткія тэрміны вы моцна пахудзелі. Раскрыеце сакрэт?
– Паставіла сабе мэту пахудзець: скінула 27 кілаграмаў за 3 месяцы. Спецыяліст па правільным харчаванні распрацаваў меню, якога я строга прытрымлівалася і працягваю гэта рабіць. Самым вялікім адкрыццём для мяне стала, што, калі хочаш пахудзець, – трэба есці, а не галадаць. У гэтым мяне падтрымалі муж і дзеці. Лічу, што чалавек пастаянна павінен ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх. Пры гэтым варта разумець, што давядзецца папрацаваць – але вынік таго каштуе.
– Якая вы як кіраўнік?
– Эмацыйная, магчыма часам запальчывая, але хутка адыходжу. Многія, напэўна, лічаць мяне злой, але сама я так не думаю. (Усміхаецца.) Мне здаецца, што я справядлівая. Многае магу прапусціць міма вачэй, магу даць чалавеку другі шанс. Але сесці сабе на шыю ніколі не дазволю.
– Па якім прынцыпе вы жывеце?
– Імкнуся адносіцца да людзей справядліва і не рабіць подласцей. Гэтаму мяне навучыў горкі вопыт дзяцінства. Я вучылася ў другім класе, а сястра – у шостым. Адна настаўніца вяла групу падоўжанага дня. Сястра дома падбухторыла мяне, што хадзіць туды не будзем, маўляў, бацькі будуць думаць, што мы ў школе. На другі дзень у школе на адным дыханні я ўсё расказала педагогу. Памятаю, потым са мной размаўляла мама – казала, што так нельга рабіць. Мне было настолькі сорамна, што я «здала» родную сястру, – хацелася праваліцца скрозь зямлю.




