Работнікі адукацыі Астравеччыны прадэманстравалі, што могуць не толькі вучыць, але спяваць, танцаваць ды на розных музычных інструментах граць. Конкурс талентаў сярод педагогаў «Хвіліна славы», прысвечаны 80-годдзю ўтварэння Астравецкага раёна, прайшоў на «дзясятку» з плюсам.

Злавіць сваю зорную хвіліну на сцэне настаўнікі змаглі, дзякуючы ініцыятыве раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі пры падтрымцы раённых арганізацый «Белая Русь», «Беларускі саюз жанчын» і БРСМ.

«Табе, наш край, – нашы таленты» – заахвочваў да выступлення дэвіз конкурсу. І яго ўдзельнікі прадставілі багатую калекцыю чуллівых, жартаўлівых і філасофскіх нумароў.

Парад талентаў праходзіў у шасці намінацыях. Нягледзячы на тое што ў трох з іх выступала ўсяго па аднаму ўдзельніку, на якасць нумароў гэта не паўплывала. Яскравым пацвярджэннем стала хвіліна славы калектыву ясляў-сада №3, які паказаў мюзікл «Работа, як казка». Выхавацель, метадыст, загадчык гаспадаркай, малады спецыяліст, старшыня прафкама, загадчык і іншыя работнікі садка ў вясёлай форме пераробленых песень прадэманстравалі, што галоўнае ў іх працы. Атрымалася амаль як на Брадвеі – прыгожа, крэатыўна і з сэнсам.

Лірычнае сола на фартэпіяна ў намінацыі «Ігра на музычным інструменце» прысутным падарыў Васіль Станкевіч з Кямелішкаўскага НПК. А Часлава Сідарэвіч (член БСЖ) з Альхоўскай СШ стала адзінай удзельніцай самай смачнай часткі конкурсу – «Кулінарыя». Настаўніца не толькі прэзентавала некалькі відаў выпечкі, якую мог пакаштаваць любы жадаючы, але сыграла вальс на баяне і ў вершаванай форме расказала пра свае захапленні.

Часлава Сідарэвіч

Крыху больш прэтэндэнтаў пазмагацца за перамогу было ў намінацыі «Танец». Адкрылі гэту частку конкурснай праграмы педагогі гімназіі №1 (члены БСЖ) – яны на мове рухаў, мімікі і жэстаў прадэманстравалі свой варыянт «Службовага рамана». Гумарыстычная танцавальная версія аказалася не горшай за экранізаваную.

Не пакінула раўнадушным гледачоў драматычна-экспрэсіўнае выступленне Веранікі Трубкінай з СШ №3 пад «Малітву» вядомага песняра Уладзіміра Мулявіна.

Мінорныя ноткі змяніліся мажорнымі – іх па-поўнай на сцэне запалілі дзяўчаты з ясляў-сада №4 (члены БСЖ): пад задорны танец з лыжкамі ногі самі прасіліся ў скокі.

Удзельнікі наступнай намінацыі не спявалі, не танцавалі, але выклікалі смех і дрыжыкі па скуры мастацкім чытаннем. Вольга Саковіч (член БСЖ) з гімназіі №1 прысвяціла свой верш выпускнікам; Святлана Сцяпанава з ясляў-сада №2 расчуліла пранікнёным творам «Мама»; пад «Крыўду мужа» ў выкананні Наталлі Ярмак (член БСЖ) з Міхалішкаўскай СШ гледачы заўсміхаліся, а слухаючы гумарэску «Даміно» Валянціны Місевіч (член БСЖ) з Варнянскага НПК, – пасмяяліся ад душы.

Але, як высветлілася, больш за ўсё работнікі адукацыі ўмеюць і любяць спяваць – самай шматлікай і багатай на ўражанні стала намінацыя «Вакал». Падабранаму з густам рэпертуару, сцэнічным вобразам, харызме і самааданай манеры выканання канкурсантаў маглі б пазайздросціць нават вядомыя артысты.

Спявалі настаўнікі пра рознае і па-рознаму. Пра любімую Бацькаўшчыну, як Кацярына Грыдзюшка (член БСЖ) з СШ №2 і Вікторыя Алексеявец (член БСЖ) з ясляў-сада №1. Пра каханне і рас станне, як Наталля Вянгроўская (член БСЖ) з СШ №2 і Юлія Герасім (член БСЖ) з Гудагайскай СШ. Пранікнёна і з надрывам, як Вікторыя Букель (член БСЖ) з ДЦРД, Алена Раткевіч (член БСЖ) з СШ №1 і Ілона Масейка (член БСЖ) з СШ №3. Задорна і з гумарком, як Майя Качан (член БСЖ) з Варнянскага НПК, Дзмітрый Ярмоліч з СШ №1 і Ірына Чубек з Рытанскага НПК.

Сярод вакальных нумароў варта адзначыць дуэты. Калыханка ў выкананні Веранікі Данакозан, якая хутка стане маці, і маладой мамы Дзіяны Юцкевіч з ясляў-сада №5 была прасякнута неверагоднай пяшчотай, цеплынёй і любоўю да сваіх малышоў.

Тэму дзяцей прадоўжыў дуэт з Мальскага ясляў-сада. «Когда ты станешь большим, сын…» – здавалася, спявалі не голасам, а душой дзве сястры Кацярына Ігнатовіч і Вікторыя Касцюк (члены БСЖ). І зала падпявала ім калі не ўголас, то ў думках.

Сваю «Хвіліну славы» работнікі адукацыі Астравеччыны вытрымалі на вышыні – і былі годна адзначаны журы.

Гран-пры конкурсу заваявала Юлія Герасім. Дыпломы І ступені ў сваіх намінацыях атрымалі калектывы ясляў-сада №3 і гімназіі №1, дуэт з Мальскага ясляў-сада, Наталля Вянгроўская, Вікторыя Букель, Часлава Сідарэвіч і Васіль Станкевіч. Астатнія канкурсанты таксама былі адзначаны – Дыпломамі ІІ і ІІІ ступеняў і падарункамі.

Марына Кутовіч, старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі:

– Мы атрымалі шмат станоўчых эмоцый і яшчэ раз упэўніліся, наколькі талевітыя людзі жывуць на Астравеччыне. Спадзяюся, гэта «Хвіліна славы» стане пачаткам шматгадзіннага творчага марафону конкурсаў і фестываляў сярод работнікаў адукацыі