Балючыя ўспаміны, словы падзякі, хвіліна маўчання, трайны залп і ўскладанне кветак – у Астраўцы ля памятнага знака ахвярам вайны ў Афганістане прайшоў урачысты мітынг, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Мінуў трыццаць адзін год з дня вываду савецкіх войск з Афганістана. Ушанаваць памяць загінуўшых падчас ваенных дзеянняў і падзякаваць за мужнасць і адвагу жывым воінам-інтэрнацыяналістам на мітынг прыйшлі прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў, ваенізаваных структур і моладзь. Далучыліся да мерапрыемства і звычайныя прахожыя, а вадзіцелі аўтамабіляў, што праязджалі міма, у знак павагі прытарможвалі і сігналілі.
– Нам вядомы сотні прыкладаў бездакорнага выконвання вайскога абавязку і гераізму нашых салдат на афганскай зямлі, – адзначыў у сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама Геннадзь Бычко. – У неймаверна складаных умовах, удалечыні ад дома, штодзень падвяргаючыся смяротнай небяспецы, яны захавалі вернасць вайсковай прысяге. Сёння мы схіляем галовы ў памяць аб загінуўшых падчас вайны ў Афганістане і спачуваем іх родным, а таксама дзякуем за адвагу жывым воінам-інтэрнацыяналістам.
Пашану ўдзельнікам вайны ў Афганістане таксама выказалі і члены Астравецкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”.
Прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых у Афгане хвілінай маўчання і трайным залпам. Завяршыўся мітынг ускладаннем вянкоў і кветак пад урачысты марш духавога аркестра.
Хто быў на вайне, той ведае, што такое сяброўская парука. Воіны-інтэрнацыяналісты таксама не кідаюць сваіх: пасля ўрачыстасці яны паехалі праведаць загінуўшых землякоў – Іосіфа Канстовіча і Станіслава Бялячыца. Каб у маўклівай цішыні могілак спытаць: «Ну як ты там, брат?!» І адчуць ціхі шорах з нябёсаў…
А члены Астравецкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” наведалі маці загінаўшага воіна-інтэрнацыаналіста Канстовіч Ірыну Францаўну. Павіталі яе букетам кветак і памятным падпарункам.