Святочная лінейка ў СШ № 1 г.Лагойска была прысвечана Дню ведаў і юбілею дзяржаўнай установы. Падчас мерапрыемства настаўнікі –сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы мелі гонар падняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Прайшло 155 гадоў (школа адчыніла свае дзверы яшчэ ў 1864 г.) – за паўтара стагоддзя ўстанова прайшла шлях ад сямігадовай да сярэдняй, пераехала з драўлянага будынку ў цагляны трохпавярховы, выпусціла ў свет некалькі пакаленняў лагайчан.

Першакласнікаў у гэты дзень чакаў сюрпрыз: іх урокі наведала дырэктар прадстаўніцтва “Белдзяржстрах” па Лагойскім раёне, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Галіна Бычкоўская. Яна ў даступнай форме растлумачыла дзецям, што такое страхаванне, для чаго яно патрэбна, і ўручыла ім прыемныя падарункі.

– Летась Беларускі саюз жанчын віншаваў школьнікаў са шматдзетных сем’яў у Косінскай школе, – расказала Галіна Міхайлаўна. – А ў гэтым годзе вырашылі наведаць СШ № 1 г. Лагойска, таму што тут больш за ўсё вучняў, у тым ліку першакласнікаў, а таксама шмат школьнікаў са шматдзетных сем’яў. Падарункі былі набыты за кошт сродкаў, сабраных падчас акцыі “Белдзяржстрах – дзецям”, а таксама “Збяром партфель разам”  Беларускага саюза жанчын, у якой актыўны ўдзел прынялі жаночыя калектывы друкарскай фабрыкі “Паліпрынт” і лясгаса.