Рэспубліканская акцыя «Тыдзень лесу» стартавала ў Астравецкім раёне ў суботу, 28 сакавіка.

Члены пярвічнай арганізацыі Астравецкага раённага выканаўчага камітэта садзілі ў гэты дзень лес у гаспадарцы лепшага ляснічага краіны Аляксандра Гайсы – у Астравецкім лясніцтве.

З пачаткам тыдня лесу яго пачынальнікаў павіншаваў галоўны ляснічы Астравецкага лясгаса Віктар Лях.

– Акцыя «Тыдзень лесу» праводзіцца на ўсёй тэрыторыі ўжо амаль дзесяць гадоў. Сёлета яна прысвечана 75-годдзю Вялікай Перамогі і Году малой радзімы. Прыемна адзначаць, што з кожным разам жадаючых паўдзельнічаць у «Тыдні лесу» ўсё больш. І гэта зразумела: пасаджанае дрэва – найлепшая памяць пра чалавека. Праз які дзясятак гадоў тут можна будзе збіраць грыбы і ягады, а паспее гэты лес праз стагоддзе ці нават больш, і скарыстаюцца яго драўнінай ужо нашы нашчадкі – так, як мы сёння перапрацоўваем працу рук нашых дзядоў-прадзедаў.

Кароткі інструктаж Аляксандра Гайсы – і, разбіўшыся на пары, удзельнікі акцыі пачынаюць засаджваць дзялянку, на якой летась былі спілаваны спелыя дрэвы. Кожны год у краіне высякаецца навукова абгрунтаваная плошча лесу, і такая ж, а то і большая – у лясны фонд перадаюцца неўрадлівыя сельгасугоддзі – засаджваецца новымі дрэўцамі.

У лункі, зробленыя дужымі мужчынскімі рукамі, жанчыны, сярод якіх нямала членаў грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын», беражліва, нават пяшчотна – яны ведаюць цану новаму жыццю! – апускаюць вырашчаныя ў гадавальніку лясгаса саджанцы ёлкі, сасны, бярозы: навукай і шматгадовай практыкай даказана, што менавіта змешаныя лясы найбольш прадуктыўныя і ўстойлівыя да шкоднікаў і хвароб.

Гадзіна-другая – і сотні кволых пакуль парасткаў выпростваюць іголкі і галінкі і прагна цягнуцца да жыццядайнага сонца.

Расці, лес!