Экспазiцыя плакатаў ваеннага часу і твораў жывапісу беларускіх аўтараў пад назвай «Пра вайну і Перамогу» адкрылася 7 чэрвеня ў выставачнай зале маладзечанскага Палаца культуры.

Прадстаўлена больш за 20 плакатаў часоў Вялікай Айчыннай вайны, выдадзеных у Беларусі і Расіі, а таксама творы беларускіх аўтараў — членаў Беларускага саюза мастакоў і Студыі ваенных мастакоў пры Міністэрстве абароны Беларусі, якія даюць магчымасць адчуць маштаб трагедыі і подзвіг грамадзян шматнацыянальнай дзяржавы.

— У аснове выставы — унікальная калекцыя ваеннага плаката са збораў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і мастацкія творы вядомых беларускіх аўтараў, творчасць якіх прасякнута патрыятызмам, любоўю да сваёй Радзімы, памяццю аб вайне і надзеяй на новыя перамогі ў імя краіны, — гаворыць дырэктар установы Павел Сапоцька. — Гісторыя і мастацтва, аб’яднаўшыся, заклікаюць нас да глыбокага разумення велічы перамогі нашага народа і каштоўнасці сённяшняга мірнага дня.

Другая сусветная вайна стала цяжкім трагічным выпрабаваннем для ўсіх народаў Савецкага Саюза. У рамках рэспубліканскай акцыі «Беларусь помнит» Беларускі саюз жанчын ініцыяваў яшчэ і правядзенне маштабнай акцыі «Беларусь помнит. Женское лицо Победы».

— У Беларусі вельмі шмат жанчын, якія працавалі, ваявалі, здабывалі перамогу ў тыле ворага, франтах і падполлі, і ў той жа час зберагалі галоўнае — жыццё і дзяцей, — гаворыць намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Лілія Ананіч. — Удумайцеся ў простыя лічбы: 980 тысяч савецкіх жанчын ваявалі на франтах, 15 мільёнаў працавалі на фабрыках і заводах, забяспечваючы нашых салдат зброяй, адзеннем, харчаваннем. Больш за 5 мільёнаў прадстаўніц жаночага полу сталі донарамі, і аддавалі сваю кроў параненым, 70 тысяч нараўне з мужчынамі здабывалі перамогу ў падполлі і партызанскіх атрадах. Беларускі саюз жанчын пастараецца зрабіць усё магчымае дня таго, каб маладое пакаленне ведала пра іх подзвіг і ганарылася гэтымі людзьмі.

Пад час мерапрыемства была прадстаўлена навукова-папулярная серыя кніг «Беларусь. Трагедыя і праўда памяці». Удзельнікi пазнаёміліся з выданнямі, якія расказваюць пра Хатынь, Трасцянец, Халакост і супраціўленне ў Навагрудку.

Адкрыццё выставы прайшло ў межах ХІХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2019».

Источник : http://www.mlyn.by/2019/06/pra-vajnu-i-peramogu-vystava-sa-zboru-natsyyanalnaga-gistarychnaga-muzeya-pratsue-u-maladzechne/