Ёсць постаці, лёс якіх пакідае неўміручы след у гісторыі і ў сэрцах людзей. Жанчыны, якія сваім прыкладам, працай, сілай волі, любоўю да жыцця здзіўляюць, заварожваюць, натхняюць…

Ужо другі год запар падчас Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна” ва ўтульнай зале Палаца культуры па ініцыятыве ГА “Беларускі саюз жанчын” праходзяць сустрэчы з жанчынамі-легендамі ў рамках праекта “Асобы эпохі”. Госцяй творчай імпрэзы ў гэтым годзе стала Наталля Віктараўна Гайда – чалавек з вялікай літары.

Зорка аперэты, багіня сцэны, сімвал беларускай музычнай камедыі, прымадонна Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, прыгожая, абаяльная і сонечная народная артыстка Беларусі запрасіла ўсіх у падарожжа па старонках яе насычанага творчага жыцця.

Шмат аматараў тэатральнага і музычнага мастацтва сабралася ў малой зале Палаца культуры на другі дзень фестывалю, каб пачуць прыгожае лірыка-каларатурнае сапрана Наталлі Віктараўны і пранікнуцца атмасферай творчасці.

Яна заваявала любоў гледачоў сваім талентам і адточаным майстэрствам. Больш за пяцьдзясят гадоў сваёй творчай працы Наталля Гайда стварыла цэлую галерэю яркіх, каларытных, запамінальных вобразаў. Гэта ролі самага рознага характару – лірычныя, камедыйныя, драматычныя. Яна пазбягае штампаў,  напаўняе вобразы адметнымі, цікавымі рысамі, робіць іх жывымі. Падчас сустрэчы Наталля эмацыйна і з захапленнем расказвала пра свае ролі. Гэта гераіні – поўныя жаночай чароўнасці, чулага, пяшчотнага сэрца, з пачуццём уласнай годнасці, гатовыя да самаахвярнасці. Актрыса прызналася, што сярод мноства характарных жаночых вобразаў, для яе адной з самых значных з’яўляецца роля смелай і рашучай Сільвы з аднайменнай аперэты. Гэты характар мае моцны сацыяльны аспект, актуальны і дагэтуль.

Значныя вобразы створаны артысткай і ў музычных спектаклях беларускіх кампазітараў: мужная падпольшчыца Ірына (“Пяе “Жаваранак”), абаяльная Раксана (“Сірано”), таленавітая, але нешчаслівая ў асабістым жыцці Джулія (“Джулія”), бойкая, гарэзлівая Паўлінка ў аднайменнай аперэце. Талент драматычнай актрысы зорка аперэты раскрыла на сцэнах Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы (спекталь “Я не пакіну цябе”), Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага (спектакль “Валянцінаў дзень”) і іншых.

Сустрэча атрымалася цікавай і запамінальнай. Паміж гледачамі і народнай артысткай адбыўся жывы дыялог. Непаўторная энергія жанчыны захапіла ўсіх прысутных. У яе цікавае, яркае і насычаннае творчае жыццё, якое годна для цэлага рамана. Наталля Віктараўна расказала пра дзяцінства, адукацыю, пераезд у Мінск, першыя ролі, асабістае жыццё і, безумоўна, шлях да ўсеагульнага прызнання.

Наталля, як і любая жанчына, вельмі любіць і ганарыцца сваёй сям’ёй. Шмат рассказвала пра сваю дачку і двух ўнукаў. Асабліва цікавіла гледачоў тэма саюза творчых людзей. З цеплынёй і павагай Наталля ўспамінала свайго мужа, з якім яны пражылі ў каханні і згодзе ўсё іх сумеснае жыццё. І гэта нягледзячы на ​​тое, што абодва былі вядучымі артыстамі двух розных тэатраў, у іх былі розныя графікі рэпетыцый, спектакляў і гастроляў.

Падзялілась Гайда і сваім сакрэтам поспеху. Любую творчую прапанову яна разглядае як падарунак лёсу, датычыцца гэта драмы, музычнага тэатра ці канцэртнай дзейнасці. Ролі, якія яна іграе на працягу многіх гадоў, убіраюць у сябе ўвесь сусвет чалавечых перажыванняў – ад радасці да глыбокай пакуты. А гэта, па словах актрысы, дае ёй магчымасць найбольш поўна сябе выказаць.

З вялікім энтузіазмам шматгранная актрыса ўспамінала пра фестываль “Наталля Гайда запрашае”, які праходзіў у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры з 2012-га чатыры гады запар. Творчы праект збіраў вялікую колькасць выканаўцаў, майстроў аперэты не толькі з Беларусі, але і з іншых краін. Аднойчы на запрашэнне Наталлі Віктараўны адгукнуліся майстры з 11 музычных калектываў Расіі.

Акрамя тэатральнага мастацтва Наталля Віктараўна ўнесла вялікі ўклад у духоўна-маральнае адраджэнне нацыі. Яе роля ў сучасным грамадстве была ацэнена ГА “Беларускі саюз жанчын”. Салістка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра перамагла ў намінацыі “Жанчына-легенда”. Такая ўзнагарода дастаецца тым жанчынам, хто ўслаўляе не толькі сваю прафесію, чалавечнасць, але і сваю краіну.

Таксама народная артыстка, дзякуючы відэаматэрыялам, акунула ўсіх у вір памяці свайго творчага жыцця – паказала і пракаментавала ўрыўкі са знакамітых спектакляў з яе ўдзелам і быццам бы сама нанова перажыла тыя шчаслівыя моманты. Гутарку дапаўнялі музычныя выступленні ў выкананні гераіні вечара. За  адкрытай і шчырай размовай хутка прайшоў час.

– Тэатр, аперэта, – прызнаецца актрыса, – маё жыццё. І пакуль я адчуваю сябе ў форме, буду выходзіць на сцэну.