Восень чалавечага жыцця

Вось і наступіла восень жыцця… Так кажуць аб пажылым узросце. Гэтыя два паняцці блізкія, іх шмат што аб’ядноўвае і яднае. Прыгажосць і спакой, мудрасць і высакароднасць, безліч дароў, якія прыносіць восеньскі сезон. Менавіта ў гэты перыяд ля дзвярэй храма душы з’яўляецца адзінота. Аднак кожны сезон непаўторны, таму і ўзроставыя ступені нашага жыцця павінны быць яскравымі, незабыўнымі. Па традыцыі штогод у залатую восень мы ўшаноўваем тых, хто ўсе свае сілы і веды аддаў на карысць працвітання роднага краю.

1 кастрычніка 2017 года Мінская абласная арганізацыя ГА “Беларускі саюз жанчын” сумесна з Маладзечанскай раённай арганізацыяй ГА “Беларускі саюз жанчын”  арганізавалі і правялі ў Палацы культуры г.Маладзечна акцыю «Наш клопат – адзінокія людзі»,  прымеркаваную да Міжнароднага дня пажылых людзей. У рамках акцыі адбылася сустрэча з ветэранамі вайны і працы,  і канцэрт народнага клубнага аб’яднання  “Адпачынак”. На сустрэчу былі запрошаны 830 ветэранаў вайны і працы – годныя і паважаныя людзі г.Маладзечна  і Маладзечанскага раёна.

У пачатку вечара з прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнулася Алена Міхайлаўна Барада,  старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”,  начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта. Яна павіншавала са святам i пажадала ўсім, хто аддаў сваё жыццё працы, выхаванню дзяцей і ўнукаў здароўя,  дабрабыту, каб iх сем’і i сэрцы заўсёды напаўняліся светам і любоўю.

Затым на галоўную сцэну Палаца культуры выйшлi энергічныя, нястомныя, баявыя і вечна маладыя ўдзельнікі народнага клубнага аб’яднання ветэранаў  “Адпачынак”, яго кіраўнік  Вольга Загорская, хормайстар Людміла Пагарэлава і канцэртмайстры Юрый Каламіец і Сяргей Янушкевіч.

Дэвіз творчага калектыву “Старасць не бяда – была б душа малада” ярка адлюстравала на сабе Марыя Міхайлаўна Баландзіна, якая больш дваццаці год была ганаровым кіраўніком клуба. Яна таксама паднялася на сцэну, каб звярнуцца да ўсіх прысутных са шчырым словам-віншаваннем.

Усе ведаюць, што чароўнае царства народнай творчасці неабдымна. Яно стваралася стагоддзямі.  Гістарычны вопыт людзей яскрава адлюстроўваецца ў фальклорнай творчасці. Так адбылося і пад час канцэрта: вакальная група “Адпачынка” выканала адмысловыя творы паэтычнага мастацтва “А ў садзе рэчанька”, “Ой ти струмочку” і інш., чым вельмі парадавала гасцей свята.

У час творчага мерапрыемства музычныя кампазіцыі змяняліся харэаграфічнымі нумарамі, якія спрыялі добраму настрою гледачоў. Як вядома, добры настрой – гэта аснова даўгалецця.

Завітаў на музычнае свята і пераможца раённага агляду-конкурсу “Ветэранскі гармонік” Барыс Харэвіч.  У яго выкананні маладая душой публіка пачула фантазію на тэму ваенных гадоў. Глядацкая зала не засталася абыякавай да музычных твораў выканаўцы. Сэрцы прысутных напоўніліся цудоўнай мелодыяй, а гэта бывае толькі тады, калі яе прапускаць праз сябе, свае думкі і свядомасць.

Напрыканцы сустрэчы для віншавальнага слова на сцэну была запрошана  старшыня Мінскай абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Святлана Рыгораўна Сарока, якая шчыра  павіншавала выканаўцаў народнага клубнага аб’яднання “Адпачынак”  і усіх удзельнікаў мерапрыемства з цёплым і сардэчным святам – Днём пажылых людзей, Днём мудрасці і гонару, якое адбываецца ў прыгожую восеньскую пару года.

Восень чалавечага жыцця багатая пражытымі гадамі, радасцю поспехаў, мудрасцю і вялікім жыццёвым вопытам, – адзначыла Святлана Рыгораўна.  – Гэты дзень – ушанаванне сталасці, нашага прызнання старэйшаму пакаленню, якое стварала аснову для сённяшніх поспехаў і захоўвала ўсё тое, чым мы сёння ганарымся. Клопат пра пажылых людзей — адна з тых апор, на якіх будуецца не толькі моцная сям’я, але і квітнеючае грамадства. Пажылым людзям у нашай дзяржаве надаецца вялікая ўвага. У краіне створана маштабная сістэма сацыяльнай абароны пажылых людзей. Яна ўключае ў сябе прадстаўленне розных ільгот і гарантый, павышэнне пенсій, сацыяльнае абслугоўванне.

У сваім выступе Святлана Сарока падкрэсліла, што гэтая сустрэча –  адна з культурна-дабрачынных акцый,  якую абласная арганізацыя саюза жанчын плануе рэгулярна праводзіць у мэтах клопату пра людзей, хто аддана працаваў на карысць Айчыне. Старшыня абласнога саюза жанчын выказала вялікую ўдзячнасць за шматгадовую працу удзельнікам акцыі, актыўную жыццёвую пазіцыю, пажадала ўсім моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця і аптымізму. Артыстам канцэрта уручыла кветкі і падарункі.    

Старшыня раённага Савета ветэранаў Станіслава Уладзіміраўна Зубкова, выказала словы падзякі за самааданнасць і пазітыўныя эмоцыі удзельнікам клубнага аб’яднання ветэранаў вайны і працы “Адпачынак”, якімі калектыў дзеліцца на працягу ўсяго свайго творчага жыцця.

Развітваліся самадзейныя артысты з публікай у натхнённым стане, а гэта значыць, што народнае клубнае аб’яднанне ветэранаў вайны і працы “Адпачынак” зноў і зноў будзе здзіўляць віртуознымі танцавальнымі па, радаваць прыгожымі вакальнымі творамі, дарыць гледачам эстэтычную і духоўную асалоду, абуджаць душэўны ўздым і жаданне захаваць бадзёрасць духу.

Дзякуючы выступленням маладзечанскіх артыстаў паважанага ўзросту ўсе пераканаліся, што ні гады, ні розныя жыццёвыя абставіны не могуць быць перашкодай для таго, каб жыць паўнавартасным, насычаным жыццём. Таму што толькі тады, калі чалавек рухаецца і дзейнічае, ён сам  заводзіць гадзіны свайго жыцця.

Трэба адзначыць, што калектыў вядзе актыўную канцэртную дзейнасць і заўсёды з’яўляецца жаданым госцем на любым мерапрыемстве. Усё таму, што музыка стварае сапраўднае цуда, бударажыць кроў, запаўняе сабой прастору, натхняе, дапамагае ўспомніць мінулае. Гэта велізарная энергія і сіла, якая лечыць і прымушае жыць!