Валянціна Васільеўна нарадзілася ў самабытным куточку беларускага Палесся – мястэчку Моталь. З маленства ўбіраючы ў сэрца жывапісную красу навакольных даляглядаў, загаралася жаданнем занатаваць гэту прыгажосць у вершаваных радках. Па-дзіцячы наіўнымі былі гэтыя першыя паэтычныя спробы, але разам з тым і кранальна шчырымі. Са сталеннем аўтаркі станавіліся больш асэнсаванымі і яе творы – пейзажныя і патрыятычныя, філасофскія і інтымныя.

Першы паэтычны зборнік «Гарыць над Ясельдай заранак» убачыў свет у 2008 годзе. Друкавалася Валянціна Васільеўна ў калектыўных зборніках «Подыхам адзіным», «Паэзія­2011», «Сіла слабасці», «Убачыць сэрцамі», «Гаманлівае дрэва любові», “За все тебя благодарю”, калектыўным песенніку «Красная калина», зборніку духоўнай паэзіі «Дазволь прычасціцца». Вершы паэткі не аднойчы з’яўляліся на старонках раённай і абласных газет, часопісе «Акно».

Трынаццаць гадоў жанчына жыла ў поўнай цемры. Яна з мальбой звярталася да Бога, спадзеючыся, што сваёй міласэрнай рукой Ён выведзе яе на праведны шлях і правядзе праз усё жыццё.

Сонца высока, а мне ўсё імгла,

Хочацца бачыць, а зроку няма.

Усё парабіла, пляценне ўзяла:

Пальчыкі – вочы, жыву нездарма.

Цяжкое выпрабаванне загартавала яе, абвастрыла пачуцці, навучыла больш глыбокадумна ўспрымаць свет, ужо, праўда, не вачыма, а “пальчыкамі”, а яшчэ… відушчым сэрцам, якім яна бачыла жытнёвыя нівы і рамонкавыя лугі, ружовыя заранкі над Ясельдай, майстравітых землякоў-умельцаў. Жанчына не наракала на жыццё, не адгарадзілася ад свету, ішла да людзей, адчувала іх падтрымку.

Плакаць няма калі: ноч на двары.

Сніцца мне вёска і дом наш стары,

Сонейка яснае, рэчка, сады,

Сцежкі, якімі хадзіла сюды,

Убачыла ўсіх – адпачыла душой,

Вочы адкрыла – пакрыта ўсё мглой.

Лёс мой такі… Не мой грэх, не віна…

Бог памагае, і я не адна.

 

Гэтая непахісная вера сатварыла цуд: цемра адступіла – прыйшло прасвятленне. Жанчына зноў можа ў захапленні сузіраць шмарфарбны свет, любавацца сонечнымі промнямі, забаўляцца з маленькай унучкай. І прыходзіць у сэрца малітва. Удзячная, шчырая. У душэўным узрушэнні нараджаюцца вершы пра духоўныя пошукі, угоднікаў Божых, праваслаўных вернікаў.

Як толькі ў небе вызірне заранак

І… усміхнецца сонейкам Палессю,

Зноў цішыню вітае ў светлы ранак

Царкоўны звон, што льецца ў паднябессе.

 

Вынікам духоўных шуканняў, разважанняў аб сэнсе чалавечага існавання стаў другі зборнік паэзіі «І поўніцца сэрца малітвай», які ўбачыў свет у 2016 годзе. Кніга разлічана на чытача, які шануе святыні продкаў, зберагае ў душы спаконвечную веру, імкнецца жыць у гармоніі з сэрцам і сумленнем, розумам і воляй.

Меладычныя вершы духоўнай тэматыкі Валянціны Васільеўны, пакладзеныя на ноты, нярэдка гучаць пад скляпеннямі мотальскага храма Праабражэння Гасподняга. Злучаныя з музыкай, яны набываюць новае гучанне, узбагачаюцца новымі адценнямі пачуццяў.

Лірыка аўтара, даносячы да нас чысты звон векавых нябёсаў, вясновых ручаёў, размаўляючы з намі ззяннем серабрыстых рос, таямнічым шэптам траў, дорыць душы прасвятленне.